КАЛХІ́ДСКАЯ НІЗІ́НА, Рыёнская нізіна,
у Заходнім Закаўказзі, у ніжнім цячэнні рэк Рыёні і Інгуры і на ўзбярэжжы Чорнага м., у Грузіі. Працягласць з 3 на У каля 100 км. Выш. да 100—150 м. К.н. — алювіяльная раўніна, што займае ўпадзіну сінклінальнай будовы; магутнасць алювію антрапагену да 700 м. Мінер. крыніцы (Цхалтуба). Паверхня ў зах. ч. са старарэччамі, прырэчышчавымі валамі, невысокімі пясчанымі масівамі; забалочаныя абшары. Клімат субтрапічны вільготны, з мяккай зімой, невял. амплітудамі т-р, багатымі ападкамі на працягу года (у сярэднім 1500 мм). Сярэдняя т-ра студз. 4,5—6 °C, жн. 23—24 °C. К.н. перасякаюць рэкі Рыёні, Інгуры і інш. Каля мора воз. Палеастомі. На З пераважаюць балотныя ландшафты з асакова-разнатраўнай і трысняговай расліннасцю, альховымі лясамі. На прыўзнятых участках растуць шыракалістыя лясы з ліянамі і вечназялёнымі хмызнякамі. Вырошчванне субтрапічных культур (цытрусавыя. чай, тунг). Асушэнне балот. У межах К.н. — Калхідскі запаведнік.
В.П.Кісель.
т. 7, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)